ГО́РАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з вер. 1941 да ліст. 1942 у г. Горкі і Горацкім р-не Магілёўскай вобл. Існавала 12 груп

(78 чал.): гарадская (кіраўнік П.Х.Кажура),

на льнозаводзе (П.Н.Савінаў), цагельным з-дзе (А.І.Трэмба), у Горацкай МТС (С.І.Вараб’ёў), у вёсках Альхоўка (В.В.Быкаў), Добрая (Д.Ф.Вайстрова), Палёнка (Ф.М.Дзям’янаў), Тудараўка (Б.А.Шыманоўскі, з сак. 1942 В.В.Агаджанян) і інш. Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, займаліся зборам разведданых, зброі для партызан, праводзілі дыверсіі на хлебазаводзе, электрастанцыі і інш. Фашысты арыштавалі амаль усіх падпольшчыкаў, 54 з іх загубілі. У Горках на магіле падпольшчыкаў помнік, у в. Тудараўка — стэла.

т. 5, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)